Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі

8.4.2015

   Ужо шмат гадоў у школе існуе традыцыя: у першыя дні пасля вясенніх канікулаў праводзіць Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. Гэты год не стаў выключэннем, і таму з 30 сакавіка па 4 красавіка ў школе праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню. Для вучняў пачатковых класаў 30 красавіка быў праведзены “Казачны дзянёк”. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах і паказалі добрае веданне як беларускіх, так і замежных казак.
   А ў час “Першакрасавіцкай юмарыны” вучні 5-9 класаў паказвалі жартоўныя нумары. У гэты дзень нас наведалі “Брэменскія музыканты”, вучні 5 класа, музычнымі інструментамі якіх з’яўляліся пральная дошка, чайнік, вядро, міска і лыжкі.

   Не хочуць развітвацца са школай вучні 9 класа, таму яны паказалі інсцэніроўку “Экзамен па фізіцы”.

   Самым цікавым і незвычайным выступленнем быў нумар вучняў 7-га класа. Яны паказалі сучасную казку “Васілёк”.

   “Таямніцы літаратурных слоў” – так называлася віктарына для вучняў 9-11 класаў, якая праводзілася ў пятніцу 3 красавіка. Вучні каманды “пісьменнікі” паказалі добрыя веды беларускай і рускай моў.